Балаты на хаду асушылі...
Ср, 2012-02-22 15:39 — admin
Балаты на хаду асушылі,
Як вітальную чашу, да дна.
Перацялі лясам сухажыллі —
Перспектыва далёка відна.
Зім сняжыстых апошнія спадкі —
Гурбаў мэндлікі без каласоў.
На падталы асфальт курапаткі,
Як з блакады,
Выходзяць з лясоў.
Дзе квактух лесавых асцярога?
Дзе рассыпаны жар журавін?
Шынамі зашаптана дарога.
Мчыць уссмылены статак машын.
Hi саней, ані сена трушыны,
Ані згубленай торбы з аўсом.
Ахінуў
Сум галодны птушыны
Дым
Цяжкім ад бензіну крысом.
Хіба ў госці да казкі
Прасіцца:
Там на ўхабах падскоквае воз,
Там частуецца рыбай лісіца,
Там у згубленай торбе авёс.
Рыгор Барадулін