Катастрофа
Пт, 2011-03-25 19:07 — admin
Аднойчы ўздрыгнуць над планетай
У грАмы сцятыя грамЫ.
Пялёсткі скіне раптам з кветак
Агнём ахопленае лета,
I рухнуць вобземлю дамы.
Разявяць коні дзіка храпы,
Буслы закружаць, груганы.
Мядзведзі лапай касалапа
Зямлю адчайна будуць лапаць
I прыціскацца да сасны.
I адзічэюць
Неба, зоры,
Дажджы спякуцца на агні.
Застыне сонца твар з дакорам
У апустошанай прасторы,
У анямелым, вечным дні.
Няўжо такое нас чакае
У самай страшнай з катастроф?..
...Світанак ціха выплывае
I крылы светла развінае
Над скрыжаваннямі дарог.
Янусь Малец