Лясам Беларусі

З маленства люблю я лясы,
Іх сцішаны голас і шум патаёмны,
I пушчы глухія, а ў іх бураломы,
Дзе віхры гудзелі пад гулкія громы
Ды слалі дажджоў абрусы.

Вучыў мяне лес пазнаваць
Прыгоства, суладнасць і чары прыроды,
Дзе птаства спраўляе штогод карагоды,
Дзе тояць крыніцы празрыстыя воды
Для рэчак, каб край умываць.

Ой, лес, беларускі наш лес!
Я песень за век свой злажыў табе многа,
У свет праз цябе мне ляжала дарога,
Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога
Сягоння твой полаг-навес.

Ад сэрца табе я скажу —
Прымі ж ты падзяку за ўсе твае дары:
За ціхія думы, за ясныя мары,
Што ты навяваў мне ў імшыстым гушчары,
Зганяючы з сэрца імжу.

I людзі вам скажуць, лясы:
У мірныя часы і ў часы ліхія
Кармілі, тулілі нас гмахі лясныя,
I хаты мы бралі з лясоў дзервяныя,
I мёд нам даюць верасы.

Акіну ж я вокам свой край —
Прайшлі над ім буры, крывавыя грозы,
Дубы на дол палі, як ніцыя лозы,
Пайшлі пад сякеры і граб і бярозы.
Што знікла ў агні — не пытай!

На раны пабіта зямля,
Дзе смерць, бы касец той, прайшлася з касою
Умыла дарогі смяртэльнай расою,
На долы шырокай лягла паласою,
Патрэсла лясы да камля.

Эх, родныя пушчы, бары!
Як вы парадзелі і звузілі колы,
I колькі ў вас плешын, асмаленых, голых,
Дзе вецер, вандроўнік жартлівы, вясёлы,
Высвіствае спеў свой стары.

Падходзіць вам час адпачыць,
Адкрыцца адзежынай свежаю, новай
I меней чуць, бачыць сякер, піл сталёвых,
Што поўнілі звонам гушчары, дубровы,
Бо ў іх ваша гора гучыць.

Я ж мару цяпер аб адным:
Зямля — невычэрпнага скарбу крыніца,
На цэглу дасць гліны і для чарапіцы!
Мы з іх пабудуем дамы-камяніцы
На змену будынкам старым.

А вас, нашы пушчы, бары,
Ахоўваць мы будзем за ўсе вашы дары,
Засадзім лясамі пяскі і выгары,
Дзе плехі рабілі сякеры, пажары
Суровай ваеннай пары.

Няхай адпачынуць лясы,
Разгорнуць шырока зялёныя крылы
Ды зноў назбіраюць той мудрае сілы,
Што здавен ашчадна тулілі край мілы,
Багаты і поўны красы.

Якуб Колас, 1945

Друзья

Хотите дружить? Пишите в обратную связь

Последние комментарии

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователя и 0 гостя.

Каталоги

 
Rating All.BY

История поиска

-