Пачатыя ў канцы шасцідзесятых...

                    На   самым   пачатку   чэрвеня   палескія
                    званы паклікалі з Мінска...
                                                     Уладзімір Караткевіч
                               «Званы ў прадоннях азёр», 1969 г.

Пачатыя ў канцы шасцідзесятых,
Кавалкі прозы — азарэння міг.
I разважаю аб мінулых датах,
Гартаю дзённік пуцявін сваіх,

Наш сябра, што пайшоў дарогай вечнай,
Тады яшчэ надзейна малады,
Блукаў і плыў, уражаны сустрэчай,
З бядой, што блытала свае сляды.

Старонкі беларускага паэта
Адрасаваны кожнаму і мне.
У загалоўках дзён сваіх прыкмета —
Набатны гул, затоены на дне.

Уявім тагачаснае Палессе,
Дзе лёг спакой спадманлівы крадком.
Вандроўнік не лунае ў паднябессі,
Над вешчым нахіляецца радком.

Яшчэ спрыяе заўтрашняя з о н а
I ў дзвюх рэспублік клопаты свае.
Над Прыпяццю вясёлкава азону,
Нароўля сырадой паветра п’е.

Ды боль таіцца ў чаратах забытых,
Царкве старой, аддадзенай на злом,
У жытлах, хутка дошкамі забітых,
I ў хімікатнай хустцы над сялом.

...Чытаю, не знаходжу словаў марных,
Бо што ні слова — скруха і папрок,
Уздых па сувязях тых планетарных,
Што мы паабрывалі назнарок.

I сённяшнія ў чорных хмарах былі
Змог мудры сшытак нам падсумавацы
«Ламбардыі балоты асушылі,
А дзе палескім качкам зімаваць...»

I сапраўды глабальныя турботы,
Сігнал трывогі, покліч і загад:
«...асушаны палескія балоты,
А дзе выводзіць качкам качанят».

Старонкі паляць прыскам неастылым,
Што ні радок — напятая струна.
Зямля гарчыць чарнобылем і пылам,
Бо, як і мы, ранімая яна.

Запіскі Караткевіча гартаю.
Прайшлі гады. А клопаты адны.
А мова простая, яна крутая.
Ў прадоннях памяці гудуць званы.

Якаў Хелемскі, пераклад Рыгора Барадуліна

Друзья

Хотите дружить? Пишите в обратную связь

Последние комментарии

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователя и 0 гостя.

Каталоги

 
Rating All.BY