Прырода надзіва праўдзіва...
Пт, 2011-04-01 14:07 — admin
Прырода надзіва праўдзіва —
Ці вые, ці хмельна пяе.
На свет нас яна нарадзіла,
А мы забіваем яе.
То шротам, то вострай пілою,
То труцім, то палім жыўцом...
Планету мы так прапалолі:
Патомкі заплацяць жыццём.
Альбо выпрамляем машынай
Рачулкі, што любяць пятляць.
I сохне цяністы ляшчыннік,
I мяккія сцежкі пыляць.
Прырода надзіва праўдзіва...
I толькі скрані валуны —
Калоссе зашэпча пра дзіва,
Пачнуць хвалявацца ільны.
I толькі збяры ўсё каменне
З тваёй неўрадлівай зямлі —
I сам ты замрэш у здзіўленні:
Як дзякуюць шчодра палі!
Накормяць цябе і напояць,
Бо ты нарабіўся за трох...
Пясчанае роднае поле
I крушні ля белых дарог.
Цяжкое ліпнёвае голле
Пад пылам схілілася ніц.
З трывогай сачу за Бягомлем:
Ідуць табуны навальніц.
Пімен Панчанка