Шкельцы ў вітраж «Поры года»
Втр, 2011-03-15 16:14 — admin
Зіма
Дзесьці граюць на белым раялі,
і ніводнай фальшывай ноты...
Пакінутыя з лета граблі
псуюць экстэр'ер сумёта.
Вясна
Мароз пад вечар раскідаў
цяпельца дзённага галоўні.
Бязгучна клён лямантаваў
іртом разяўленай шпакоўні.
Лета
Улагодзіў ліпень ліпу
падарункам сціплым —
завушніцы цэлы дзень
чмель чапляў асіплы.
Восень
У сінія асінамі лясы
вогненная конніца ўляцела.
Павуціння звесіўшы сцягі,
лета адыходзіць не хацела.
Эдуард Акулін