Я сябар кожнай птушцы...
Пнд, 2011-03-21 17:32 — admin
Я сябар кожнай птушцы,
Ва ўсіх — наперахоп:
Заве глушэц у пушчу,
Бакас — на расцяроб,
А салаўі — на спеўку,
А жаўранкі — у рунь.
Прыходжу я знячэўку,
Ніхто не мчыцца ўгрунь.
П'ю з жураўлямі піва,
З драздом — свішчу дразда...
Я свой тут.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Ды імкліва
Зрываюцца з гнязда,
Куляюцца наседкі,
Адманьваюць, вядуць...
Тут не патрэбны сведкі.
Прабачце. Я пайду.
Я крыўдаваць не стану,
За недавер судзіць...
Я знікну, ўміг растану,
Каб гнёзд не астудзіць.
Васіль Зуёнак